ТРАДЫЦЫЙ РОДНЫХ НЕ ГУБЛЯЕМ!

Па старадаўняй традыцыі ў дзясятую пятніцу пасля Пасхі адбылося свята Дзясятуха ў прыгожым кутку каля аграгарадка Горы Краснапольскага раёна. Куток сапраўды ўнікальны. Тут ёсць гарадзішча ранняга жалезнага веку, якое абмяжавана глыбокімі ярамі, у яру б’е крыніца. “Урочышча”, “Касцёл”, “Святая крыніца”, “Ясеневы гай”, “Панская сядзіба” – гэтыя назвы адлюстроўваюць гістарычныя, культурныя, прыродныя і культавыя старонкі жыцця гэтага месца.
Галоўная дзея свята Дзесятухі – малебен і асвячэнне вады ў крыніцы, якая ўшаноўваецца з далёкіх язычніцкіх часоў.
Ёсць думка, што назва Дзясятуха і дата правядзення свята звязана з прыняццем мясцовым насельніцтвам праваслаўнай веры.

З мэтай падтрымкі ўнікальнага свята і яго абрадавых дзей, традыцый роднай зямлі і народнай спадчыны аматары творчасці ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна” зладзілі ў гэты дзень святочную праграму “Традыцый родных не губляем”. Сваёй праграмай удзельнікі запрашалі берагчы сваю спадчыну і рабіць пасільны ўнёсак у яе захаванне. Яны дэманстравалі багацце культурна-гістарычнай спадчыны і дарылі гледачам сапраўдную асалоду ад сустрэчы з народным мастацтвам – народнымі песнямі і народнай музыкай, паданнямі і вершамі.
Значнае месца ў праграме было адведзена фальклорнай песне. З любоўю і імпэтам гэтыя ўнікальныя народныя творы выконваў народны ансамбль народнай песні “Спадчына” філіала Пачапоўскі сельскі Дом культуры пад кіраўніцтвам Людмілы Каратцовай. Песні ў выкананні ансамбля, салістаў і дуэтаў гэтага калектыву адпраўлялі слухачоў у глыбіню стагоддзяў, краналі іх да ачышчальных слёз, звінелі прыгажосцю.
Народную песню “Тры крынічанькі” на сучасны лад выканаў саліст Краснапольскага раённага Цэнтра культуры Юрый Падалякін, які разам з Аленай Качанавай выконвалі ролі вядучых праграмы.
Цудоўнымі найгрышамі на гармоніку захапіў увагу слухачоў заўзяты гарманіст з вёскі Леніна Мікола Занудзенка.

Тое, што куток у ясеневым гаі з крыніцай сапраўды цудоўны і таямнічы, багаты на легенды і паданні, натхняе паэтаў на творчасць, прадэманстравала краязнаўца і паэтка Валянціна Марчанка. Яна паведала паданне “Чаму на ясенях нечысць больш не гудзе”, падзялілася ўспамінамі пра свята і яго дзеі, знаёмыя ёй з дзяцінства, і прачытала свае вершы, прысвечаныя святу і месту. А Таццяна Шандабыла, салістка Краснапольскага раённага Цэнтра культуры, выканала песню “Куток дзяцінства” на словы Валянціны Марчанка.
Мясцовыя майстры і гаспадары прапанавалі для продажу сваю хатнюю прадукцыю, чым нагадалі старадаўнюю традыцыю правядзення кірмашу ў дзень Дзесятухі. Асаблівы інтарэс быў да хатніх сыроў мясцовай гаспадыні Наталлі Гульковай.На жаль, кірмашовая традыцыя ўжо доўгі час не існуе ў вёсцы Горы.

Старшыня Горскага сельскага савета дэпутатаў выказаў падзяку сабраўшымся за далучэнне і да прыроднай, і да культавай, і да культурнай крыніцы,аўтару творчай праграмы і яе арганізатару Валянціне Марчанка, удзельнікам праграмы – народнаму калектыву “Спадчына”, яго кіраўніку і кожнай з яго ўдзельніц: Наталлі Паплыка, Ніне Яцутка, Юліі Семчанка, Наталлі Дударавай, гарманісту Мікалаю Занудзенка, салістам Краснапольскага раённага Цэнтра культуры, вядучым праграмы, аператару Аляксею Храмко, афарміцелю сценічнай пляцоўкі Людміле Васільковой.
Прыемна было бачыць на свяце сяброў з расійскага боку, які помняць, ведаюць і праяўляюць цікаўнасць да ўнікальнай з’явы Краснапольшчыны – святу Дзесятухі і народнай спадчыны. Далучайцеся на наступны год і ўсе вы, сябры, узбагачайце свае веды і пачуцці судакрананнем з вечнасцю, таямнічасцю і прыгажосцю. Не губляйце родных традыцый.

Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”