Лес і яго «гаспадары»

Здаўна людзі жылі ў гармоніі з прыродай, і лес быў неад’емнай часткай іх жыцця. Ён даваў грыбы, ягады, лекавыя расліны, драўніну для будаўніцтва і дровы для ацяплення. У сувязі з гэтым у народзе склалася мноства прыкмет і традыцый, якія звязаны з наведваннем лесу. Сярод гэтых традыцый асаблівае месца займае вера ў існаванне таямнічых істот, такіх як лешыя, якія, паводле павер’яў, кіруюць ляснымі прасторамі.

Чаму ж людзі верылі ў лешых і іншых “невідзімцаў”? Адказ заключаецца ў тым, што лес – гэта не толькі крыніца рэсурсаў, але і месца, поўнае таямніц. У старажытныя часы чалавек адчуваў сябе ў лесе ўразлівым і безабаронным. Каб не заблудзіцца, не сустрэць небяспечных звяроў або нават звышнатуральных істот, неабходна было ведаць, як наладзіць кантакт з гаспадаром лесу. Лешы, як лічыцца, уважліва назірае за кожным чалавекам і можа заблытаць яго шлях. Менавіта таму ў народзе існуе мноства замоў і прыгавораў, якія дапамагалі людзям адчуваць сябе больш упэўнена.

Сёння важнасць ведаў пра лесны фальклор становіцца ўсё больш актуальнай. Для сучаснага пакалення гэтыя веды могуць быць не толькі цікавымі, але і карыснымі. Аматарскае аб’яднанне Клічаўскага РДК “Вераценца” падрыхтавала этнаграфічнае падарожжа “Традыцыі знаходжання ў лесе: лясныя прыкметы і замовы”, дзе былі выкарыстаны веды нашых продкаў для бяспечнага знаходжання ў лесе.

Людзі верылі, што калі іх “закруціць” у лесе, можна пераабуць абутак на другую нагу або вывернуць адзенне навыварат. Такія дзеянні павінны былі дапамагчы знайсці патрэбную сцежку. Таксама існуюць легенды пра “невідзімцаў” – нябачных людзей, якія могуць збіць са шляху. Напрыклад, існуюць замовы ад звяроў і гадзюк: трэба ўспомніць, у які дзень было Дабравешчанне, і сказаць перад уваходам у лес: “Дабравешчанне было ў панядзелак”. Гэта давала магчымасць смела ісці ў лес без страху сустрэць небяспечных істот. Таксама лічылася, што Лешы можа дапамагчы знайсці карову, якая згубілася ў лесе. Для гэтага пастух тры разы павінен быў сцебануць пугай па паветры і сказаць: “Лёша, прыгані карову”. Тады можна было быць упэўненым у тым, што карова абавязкова знойдзецца. У падарунак лясному гаспадару астаўлялі пячэнне, цукеркі, чыталі яму розныя замовы.

Жанчыны з аб’яднання “Вераценца” валодаюць багатым веданнем замоў і вераць у іх сілу. Яны таксама распавядаюць шмат цікавых гісторый пра людзей, якія блукалі ў лесе. Гэтыя гісторыі не толькі захапляюць слухачоў, але і нагадаюць нам пра важнасць захавання старых ведаў і традыцый.

Ж.Я.Ачыновіч, загадчык аддзела нестацыянарнага абслугоўвання ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Клічаўскага раёна”