ТЫ ПОМНІШ, МАЯ КРАСНАПОЛЬШЧЫНА

Ты помніш, мая Краснапольшчына,
Як грозныя хмары надзвінуліся над табой?
Як чорныя крылы закрылі блакітнае ззянне?...
З верша Валянціны Марчанка “Ты помніш, мая Краснапольшчына?”
2 кастрычніка ў Краснапольскім РЦК адбылася тэматычная гасцёўня пад той жа назвай, што і верш. Гасцёўня была падрыхтавана народным літаратурным калектывам “Світанак” і прысвечана дню вызвалення Краснапольшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
1 кастрычніка 1943 года воіны 269 стралковай дывізіі (камандзір генерал-маёр А. Ф. Кубасаў) 3-й арміі Бранскага фронту ў ходзе Бранскай аперацыі 1943 года вызвалілі г. п. Краснаполле – цэнтр раёна.
Наведвальнікі гасцёўні даведаліся пра асновныя факты вызвалення раёна і пра канкрэтныя крокі ажыццяўлення лозунгу “Усё для фронту!”, які заставаўся надзённым і для жыхароў вызваленага раёна, бо вайна працягвалася. А гэта – арганізаванае правядзенне за кароткія тэрміны мабілізацыі грамадзян 1894 – 1926 гг. нараджэння, адкамандзіраванне ў армію партызан пасля расфарміравання атрадаў, падрыхтоўка рэзерваў для фронту. Уводзілася абавязковае абучэнне ваеннай справе дарослых мужчын, а тасама дапрызаўнікоў у школах. Разгортвалася работа арганізацый Асаавіяхіма і Чырвонага крыжа на прадпрыемствах, у калгасах, МТС, установах. Яркімі праявамі клопатаў працоўных раёна аб дапамозе Чырвонай Арміі з’явіліся масавы ўдзел у аднаўленні мастоў, дарог, у зборы прадуктаў харчавання для франтавікоў, сродкаў для стварэння і рамонту баявой тэхнікі і інш.
Многа інфармацыі па тэме гасцёўні змяшчала і падрыхтаваная выстаўка кніг і выдавецкай літаратуры “Край родной, полученный в наследство”.
У гасцёўні гучалі музыка і паэтычныя творы, прысвечаныя малой радзіме, гераічным і пакутным падзеям, памяці аб гераічным пакаленні дзядоў і бацькоў. Апявалася прыгажосць роднай старонкі і шчасце жыць пад мірным небам.
У гасцёўні адбылося і падвядзенне вынікаў раённага конкурсу патрыятычнай накіраванасці “Краснапольшчына ў сэрцы маім”.
“Хай квітнее маё Краснаполле ў абрамленні жытоў залатых, я любоў да цябе, Краснаполле, зберагу па апошні уздых”, – такім пажаданнем завяршылася сустрэча, такія ўзнёслыя пачуцці пакінула яна ў сэрцах наведвальнікаў мерапрыемства.
Валянціна Марчанка, метадыст ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”