ТУТ АДБЫЎСЯ МОЙ ЛЁС

Свята вёскі Сідараўка адбылося на Краснапольшчыне. Кожны населены пункт мае свае асаблівасці, атаясамліваецца з канкрэтнымі падзеямі, эпізодамі жыцця, асобамі. Распрацаваны метадыстам Краснапольскага РЦК В. А. Марчанка сцэнарый свята даваў магчымасць пагартаць старонкі гісторыі вёскі, выказаць падзяку гераічнаму пакаленню землякоў і тым, хто сваёй стараннай працай, штодзённымі клопатамі, творчасцю рабілі і робяць унёсак у стварэнне дабрабыту і ўпрыгожваюць жыццё вёскі сёння. А яшчэ гэта была магчымасць прызнацца ў любові да сваёй малой радзімы.

У свяце прынялі ўдзел прадстаўнікі розных структур і грамадскіх арганізацый раёна, прадстаўнікі мясцовай улады, сярод якіх – старшыня Краснапольскага раённага Савета дэпутатаў А. Я. Маторын, да слова сказаць, ураджэнец вёскі Сідараўка. Ён цёпла і з падзякай вітаў вяскоўцаў, якія сваёй працай і любоўю жывяць вёску, прызваў іх да захавання роднага куточка, да працягу слаўных працоўных і культурных традыцый.
Лёсы многіх людзей звязаны з роднымі вёсачкамі. Шчырымі апладысментамі адгукнуліся вяскоўцы на ўспамін пра братоў Юлія і Яўгена Жлобаў, былых механізатараў-бульбаводаў вёскі, Герояў Сацыялістычнай Працы, у гонар якіх усталяваны стэлы на алеі Славы ў г. п. Краснаполле.
Па традыцыі на свяце не абыйшлося без ушанавання розных катэгорый жыхароў вёскі: яе старажыла, якой аказалася Скам’янава Н. А., дасягнуўшая 97-гадовага ўзросту; самага маленькага жыхара – сямімесячнай У. Івановай і яе бацькоў; шматдзетнай сям’і Даніленка А. Я і Даніленка Г. У., якія выхоўваюць 5 непаўналетніх дзяцей.

Прадстаўнікі працоўных калектываў уручылі падарункі і выказалі шмат цёплых слоў у адрас ветэранаў працы розных сфер дзейнасці.
Умела вялі праграму свята вядучыя Г. Снытка і П. Выганны. Сагравалі прысутных сваёй творчасцю і стваралі святочны настрой артысты Краснапольскага РЦК і аматары песні, музыкі, слова. Сярод іх – народны ансамбль народнай песні “Шчадрэц” пад кіраўніцтвам А. Трафімавай, салісты Ю. Падалякін, Г. Снытка, А. Трафімава, Ю. Шалыгіна, К. Фралянкова, Т. Вялічка, паэтка В. Марчанка, заўзяты баяніст раёна Р. Астапенка. Культурная праграма была цэльнай, насычанай і задавальняла вяскоўцаў і гасцей свята, які адгукваліся шчодрымі апладысментамі і словамі падзякі.

У фае клубнай установы вёскі наведвальнікаў свята чакалі разнастайныя выстаўкі народнай творчасці і вясковых умельцаў.
Святы вёсак – добрая традыцыя Краснапольшчыны, якая сагравае сэрцы і яднае грамадства. Традыцыя, у якой спалучаюцца ўвага да чалавека, багацце чалавечых лёсаў, гістарычная спадчына, культурная палітра краю і любоў да малой радзімы. Няхай вам шчасціць, землякі.

Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”