РЭГІЯНАЛЬНЫ ФЕСТЫВАЛЬ НАРОДНЫХ ПРОМЫСЛАЎ І РАМЁСТВАЎ “КРАСНАПОЛЬСКІ ГЛЕЧЫК” АДБЫЎСЯ НА КРАСНАПОЛЬШЧЫНЕ

З 2017 года пачалася гісторыя гэтага прыгожага фестывалю рамесных талентаў і ўмельства рук майстроў. І кожны год фестываль уражвае фантазіяй, багаццем рамесных вырабаў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, гатоўнасцю майстроў і аматараў дзяліцца вопытам і дарыць людзям радасць далучэння да традыцый свайго народа.

Краснапольскі сквер у гэты дзень становіцца сапраўдным горадам майстроў пад адкрытым небам ці кірмашом, дзе можна набыць тавар на любы густ. Цацкі і сувеніры з самых розных матэрыялаў, высокаякасныя вырабы з гліны, саломы, лазы, бяросты, дрэва, тканыя і вышываныя ручнікі… Усяго не пералічыць, што могуць убачыць у гэты святочны дзень краснапальчане, госці ды і самі майстры. Сустрэчы для майстроў на падобных фестывалях – добрая магчымасць для абмену інфармацыяй і вопытам, для набыцця натхнення, новых ідэй і планаў.

Пры адкрыцці фестывалю быў акрэслены шлях фестывалю, сэнс яго назвы, звязаны з багатай традыцыяй ганчарства на Краснапольшчыне, адзначан унёсак філіяла “Краснапольскі раённы Дом рамёстваў” у заханне і развіццё розных відаў рамёстваў свайго раёна.
Гасцей і ўдзельнікаў фестывалю прывітаў старшыня Краснапольскага раённага выканаўчага камітэта А.А.Яфімчыкаў, які потым з інтарэсам пазнаёміўся з майстрамі і іх работамі.

Традыцыйна ў рамках фестывалю “Краснапольскі глечык” праводзяцца два конкурсы. Адзін з іх – “Незабытыя рамёствы”, праз які ўдзельнікі конкурсу павінны прадэманстраваць захаваную традыцыйную народную тэхналогію выраба. Другі конкурс – “Рамёствы ў фармаце сучаснасці”, які дае магчымасць прадэманстраваць новыя тэхналогіі, праявіць фантазію ў выкарыстанні матэрыялу ці ў прымяненні вырабу і інш.

Дыплом Гран-пры ў гэтым годзе ў намінацыі “Незабытыя рамёствы” атрымала Ксенія Самкнулава, майстар народных мастацкіх рамёстваў Цэнтра народнай творчасці ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Слаўгарадскага раёна”. У намінацыі “Рамёствы ў фармаце сучаснасці” дыпломам Гран-пры адзначана Вольга Андрыянава, майстар філіяла “Краснапольскі раённы Дом рамёстваў” ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”.

Чакаем на наступны год новых удзельнікаў фестывалю, майстрам жадаем новых поспехаў у рукатворным мастацтве, якое ўпрыгожвае наш свет і доўжыць традыцыі продкаў.
Валянціна Марчанка, метадыст ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”