ПЕСНЯ МАЦІ І СЁННЯ ЖЫВЕ

Пад такой назвай, якая сцвярджае неўміручасць народнай песні, на Краснапольшчыне адбыўся III рэгіянальны фестываль народнай творчасці.
Народная песня прайшла праз стагоддзі, яна і сёння з’яўляецца сапраўднай скарбніцай культурных каштоўнасцей і сваеасаблівай ніццю, якая звязвае мінулае і сучаснасць, умацоўвае сувязь пакаленняў, дапамагае захоўваць традыцыі роднай зямлі і выхоўваць лепшыя чалавечыя пачуцці і якасці.
Вітаючы гасцей і ўдзельнікаў фестывалю, старшыня Краснапольскага раённага выканаўчага камітэта А.А.Яфімчыкаў адзначыў важную ролю фестывалю ў зберажэнні і падтрыманні багатых традыцый народнай творчасці рэгіёна.
Фестываль сабраў носьбітаў і пераймальнікаў народнай песні са Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага і Краснапольскага раёнаў.


Сярод іх: народны ансамбль народнай песні “Родныя напевы” філіяла “Сакалоўскі сельскі клуб” ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Чэрыкаўскага раёна”, які ў намінацыі “Фальклорная песня” атрымаў дыплом Гран-пры; народны ансамбль народнай песні “Чапурушкі” філіяла “Васковіцкі сельскі клуб” ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Слаўгарадскага раёна”; народны ансамбль народнай песні “Шчадрэц” (уладальнік дыплома Гран-пры ў намінацыі “Народная песня”) і народны вакальны ансамбль “Дабрыня” філіяла “Краснапольскі раённы цэнтр культуры” ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”, якія з любоўю прадставілі на конкурсе песні ў розных намінацыях у выкананні ансамбляў, а таксама дуэтаў і салістаў; народны ансамбль народнай песні “Спадчына” філіяла “Пачапоўскі сельскі Дом культуры” ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”, які паспяхова выступіў у розных намінацыях і ўразіў унікальнасцю аўтэнтычных спеваў; ансамбль народнай песні “Пой, душа” і яго салісты філіяла “Горскі сельскі Дом культуры” ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”; салісты і групы выканаўцаў філіялаў “Яноўскі сельскі Дом культуры”, “Халмянскі сельскі Дом культуры”, “Тур’яўскі сельскі Дом культуры” ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”; салістка УА “Дзіцячая школа мастацтваў г.п.Краснаполле” Галіна Кузняцова, якая ў намінацыі “Песня ў народнай манеры” узнагароджана дыпломам Гран-пры. Прыемна адзначыць, што сярод канкурсантаў былі і прадстаўнікі падрастаючага пакалення, а гэта надае ўпэўненасць: песня маці не будзе забытая.


На працягу многіх стагоддзяў народная песня рэгулявала быццё этнасу. У праграме адкрыцця фестывалю-конкурсу “Песня маці і сёння жыве” была прадстаўлена фальклорная замалёўка, якая дэманстравала злітасць жыцця чалавека з песняй – гэтай невычэрпнай крыніцай народнай творчасці, якая поўніла і выказвала пачуцці, думы і мары чалавека. Кампазіцыю ўпрыгожыла гучанне ў запісу унікальных аўтэнтычных і народных спеваў, якія захавалі і пакінулі для наступных пакаленняў носьбіты фальклору – спявачкі народнага фальклорнага ансамбля “Горскія харашухі”.


Так, матчына песня – невычэрпная крыніца. Калектывы і салісты конкурсу падарылі гледачам больш за тры дзясяткі ўнікальных песенных твораў, прадэманстравалі прыгожую і багатую палітру народнай песеннай творчасці паўднёва-усходняга рэгіёна Магілёўшчыны.
Арганізатары фестывалю-конкурсу народнай творчасці “Песня маці і сёння жыве” выказваюць вялікую падзяку ўсем яго ўдзельнікам і запрашаюць аматараў і носьбітаў народнай песні да ўдзелу ў фестывалі на наступны год. Заспяваем матчыну песню, захаваем непаўторную красу роднага краю!


Валянціна Марчанка, метадыст ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”