На Купала сонца грала, усіх на свята запрашала…

«На Купала сонца грала, усіх на свята запрашала…» з такімі словамі ішлі дзяўчаты ды хлопцы на свята «Купалле», якое традыцыйна адбылося ў ноч з 6 на 7 ліпеня на тэрыторыі ўрочышча «Яловае» г. Чавусы.
Пачалося свята з урачыстага Купальскага шэсця, на чале якога ішлі Купаліш з Купалінкай ды моладзь, апранутая ў нацыянальныя беларускія касцюмы. З сабою неслі купальскае кола – сімвал свята. Рухалася шэсце ад раённага Цэнтра культуры і вольнага часу па цэнтральных вуліцах горада ў накірунку гарадскога пляжа ракі Бася. Па дарозе да шэсця далучалася моладзь, дзеці, падлеткі, сем’і – жыхары і госці Чавус.


Сустакалі ўрачыстае шэсце наведвальнікі, якія ўжо прыйшлі на свята, а таксама ўдзельнікі народнага фальклорнага ансамбля «Спадарыня» раённага Цэнтра культуры і вольнага часу з абрадавымі спевамі, праслаўляючымі свята сонца і лета.
Купалле ў Чавусах традыцыйна збірае шмат гасцей і жыхароў горада, таму што для беларусаў гэта не проста свята, а частка культурнага кода, якая сімвалізуе яднанне з прыродай і нашымі продкамі. Ды як не прыйсці на гэтае свята, калі тут заўсёды цікава! Работнікі цэнтра культуры падхрыхтавалі тэатралізавана-забаўляльную праграму з гульнямі, конкурсамі, карагодамі, пошукамі чароўнай папараць-кветкі. Спрадвеку людзі пачыталі свята Івана Купалы, славячы ўсё існае, усю жывую матухну-прыроду. Час, калі чалавечай мовай кажуць дрэвы і жывёлы, а травы напаўняюцца гаючымі ўласцівасцямі. Але ў гэтую ноч і нячыстая сіла набывае сваю моц, спрабуючы нашкодзіць людзям і збіць іх з панталыку. Каб абараніцца ад нечысці ды каб яна ўволю не разгулялася, Купаліш частаваў усіх прысутных караваем, які лічыўся ў славян сімвалам сонца, і стаў абярэгам для гасцей свята. А каб пазбавіцца ад усіх хвароб ды ачысціцца душой і целам, правялі гульню «Чыстая душа», дзе пары лупасілі адзін аднаго, пакуль бярозавыя венікі не засталіся без лісця. Таксама былі арганізаваны забавы для дзяўчын – гэта гульня «засцялі крапіву», дзе дзяўчаты спаборнічалі ў эстафетнай гульне, і конкурс «доўгая каса – дзявочая краса» на даўжыню валос, дзе перамаглі дзве дзяўчыны з вынікам 80 і 85 сантыметраў.


Яшчэ шмат забаў было прапанавана прысутным з Вадзяным і жабанятамі, з вядзьмаркамі і чарцянятамі. Але ж самымі захапляльнымі і відовішчнымі традыцыямі несумненна з’яўляюцца скокі праз невялікі касцер, варожба на вянках – пусканне іх па вадзе, запальванне вялікага купальскага вогнішча ды вялізны карагод, які захапіў усю акругу. Завершылася свята дыскатэчнай праграмай для моладзі.


Алеся Далецкая, загадчык аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў раённага Цэнтра культуры і вольнага часу дзяржаўнай установы культуры «Цэнтралізаваная клубная сістэма Чавускага раёна»