Культура беларускай дуды на Магілёўшчыне
Дуда на Беларусі вядома з канца XIII – пачатак XIV стагоддзя. Самая ранняя выява дуды, якая дайшла да нас, на беларускіх землях зафіксавана на керамічнай плітцы XVI стагоддзя, якая была знойдзена ў мястэчку Мельнік Магілёўскай вобласці.
Дуда – старажытны традыцыйны музычны інструмент і твор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, з’яўляецца не толькі старажытным музычным інструментам, але і атрыбутам рытуальна-музычных практык, якія ўзыходзяць да старажытных культаў.
Выдзяляецца чатыры віды беларускай дуды, якія аб’ядноўваюцца на аснове канструкцыі і дэкору. Першы від – бязмехавая дуда, якая складаецца толькі з дзвюх музычных трубак. Другі від – аднагукавая дуда, якая прадстаўлена найбольшай колькасцю знойдзеных артэфактаў, – мае сшыты скураны мех, адну ігравую трубку пад назвай “перабор”, другую – басовы “гук” з драўлянымі раструбамі-рагаўнямі. Трэці від – двухгукавая дуда – спалучае суцэльны мех з устаўленымі ў яго пераборам і двума гукамі з раструбамі-самародкамі, дэкор адсутнічае. Чацвёрты від – дуда-мацянка – уяўляе сабой сшыты скураны мех з устаўленымі ў яго пераборам і трыма гукамі ў адным перахадніку, дэкор адсутнічае. Найбольш характэрная, дасканалая па канструкцыі і дэкоры беларуская дуда – аднагукавая.
Па стану на май 2023 г. у Беларусі зафіксавана 30 дудароў, усяго далучаны да практыкі бытавання нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці каля 100 чалавек, адметнай рысай сучаснай дударскай традыцыі з’яўляецца тое, што ў яе захаванні зацікаўлены розныя прадстаўнікі грамадства.
Арэалам бытавання элемента ў Магілёўскай вобласці з’яўляецца аг. Вяззе Асіповіцкага раёна. Носьбітам з’яўляецца Забаўскі Мікалай Георгіевіч (г.н.14.11.1962), загадчык Вяззеўскага сельскага дома культуры, удзельнік народнага ансамбля народнай песні “Вязанка”.
Мікалай Георгіевіч выкарыстоўвае музычны інструмент у абрадах, у якіх ён ўдзельнічае, грае на дудзе ў народным ансамблі народнай песні “Вязанка” Вязьеўскага сельскага Дома культуры ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Асіповіцкага раёна”. Разам з калектывам ён актыўна прымае ўдзел у раённых, абласных, міжнародных фестывалях і культурных мерапрыемствах. Аснова рэпертуару калектыву ўдзельнікам якога з’яўляецца – беларускія народныя песні, якія выконваюцца многагалосна ў суправаджэнні народных інструментаў (дуда, гармонік, акардэон, цымбалы, барабан). У рэпертуар музыкі ўваходзяць наступныя песні: “Калядная”, “Саўка ды Грышка”, “Рэчанька”, “Падыспань”, “Лявоніха”, “Пад’язжаем мы да сяла”, “Карагод вялікі – вуліца малая”.
Забаўскі Мікалай Георгіевіч набыў інструмент у беларускага майстра музычных інструментаў Тодара Кашкурэвіча. Тодар Кашкурэвіч нарадзіўся ў Мінску ў мастацкай сям’і і з’яўляецца прадстаўніком мастацкай дынастыі Кашкурэвічаў. Працуе ў галіне манументальнага мастацтва, жывапісу, кніжнай графікі і дызайну. Даследуе і аднаўляе старадаўнюю музычную традыцыю (беларуская дуда, ліра). Адзін з найбольш вядомых у балтыйскім рэгіёне майстроў, што вырабляюць дуды паводле аўтэнтычных узораў і пачынальнікаў сучаснага дударскага руху ў Беларусі.









Носьбіт Забаўскі Мікалай Георгіевіч з дудой
Вязьеўскі сельскі Дом культуры ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Асіповічскага раёна”
2022 г.фатограф Ерашэвіч Алена

Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае 85-годдзю з дня ўтварэння Магілёўскай вобласці
г.Магілў, Палац культуры вобласці
