Носьбіты тэхналогіі пляцення лапцей
Кірылава Надзея Пракопаўна

Нарадзілася Надзея Пракопаўна ў весцы Жавань Дрыбінскага раёна 19 студзеня 1928г. У сям’і было чацвёра дзяцей, Надзя – старэйшая. Бацькі працавалі ў калгасе. Дзеці з ранняга ўзросту не толькі рабілі ўсю хатнюю працу, а і дапамагалі бацькам у калгасе. Ужо з пяці – сямі гадоў яны самастойна працавалі на калгасных палях, асабліва – у час уборачнай гарачай пары. Дзяўчынкі рана прывучаліся да ткацтва, але ткалі толькі начамі – днём было шмат работы.
Плесці лапці Надзя навучылася ад бацькі. Калі бацька памёр, дзяўчынка стала галоўнай памочніцай маці.
Самыя цяжкія часы прыйшлі, калі пачалася вайна. Было так, што па некалькі дзён дзеці былі галоднымі, і тады маці хадзіла “па кусках” – збіраць мілыстыню.
У 1943 годзе маці не стала. Дзеці засталіся сіротамі. Старэйшай, Надзі, было толькі пятнаццаць год. Надзея Пракопаўна і сёння ўдзячна лёсу за тое, што іх не разлучылі. Выжылі, лічыць яна, толькі дзякуючы добрым людзям і працалюбству яе братоў і сястры. Імкнуліся навучыцца ўсяму, гледзячы на людзей. Лапці плялі з сястрой для сябе і малодшых братоў. Пасля вайны насілі лапці далека па акрузе, нават – пад Магілеў, каб памяняць іх на ежу. Надзіны лапці разбіраліся хутчэй за ўсіх – яна любіла ўсе рабіць акуратна і прыгожа.
У школе Надзеі Пракопаўне вучыцца не прыйшлося. Сама навучылася грамаце і вельмі любіць чытаць. Плела карункі, ткала. Ва ўсім імкнулася праявіць фантазію – “каб прыгожа было”. Сваё імкненне рабіць прыгажосць перадала і дачцэ, якая стварае цудоўныя вышываныя пано.
Сям’я ў Надзеі Пракопаўны творчая. У дачкі і ўнукаў не толькі рукі залатыя – яны яшчэ спяваюць і танцуюць. Для выступленняў на розных конкурсах народнай творчасці неаднойчы спатрэбіліся і сплеценыя бабуляй новыя лапаточкі.
Надзея Пракопаўна – чалавек незвычайны: добрая, чулая, у той жа час – вельмі патрабавальная ў адносінах да справы, з надзвычайнымі здольнасцямі і імкненнем да вучэння, авалодання новым. Нягледзячы на цяжкае захворванне, яна стала галоўным кансультантам па пытаннях тэхналогіі пляцення лапцей для спецыялістаў Дома рамёстваў. Правяла шэраг майстар-класаў, мноства кансультацый. Вынікам гэтай работы стала афармленне альбома з дакладным апісаннем тэхналогіі пляцення лапцей.
Пляце Надзея Пракопаўна традыцыйныя “зрачыя” лапці, якія прадстаўляліся на шматлікіх раённых, абласных, рэспубліканскіх выставах і фестывалях.
Надзея Пракопаўна з’яўляецца сапраўдным носьбітам тэхналогіі пляцення лапцей Дрыбінскага раёна.
Збродава Ефрасіння Антонаўна

Збродава Ефрасіння Антонаўна нарадзілася ў 1920 годзе ў вёсцы Жавань Дрыбінскага раёна ў вялікай сям’і.
З ранніх гадоў усе дзеці шмат працавалі, дапамагалі бацькам. Кожны меў сплесці сабе лапці ды яшчэ і з запасам. Ефрасіння Антонаўна пляла лапці і для малодшых дзяцей. Бацькі працавалі ў калгасе, і прыйшлося Фросі пакінуць школу на паўтары гады, каб прыгледжваць за дзецьмі. Пасля заканчэння Жаваньскай школы паступіла ў Магілёўскае педагагічнае вучыліща. Да Магілева хадзіла пешшу, у лапцях уласнага вырабу, а ужо ў горадзе пераабувалася. Скончыць вучылішча не паспела - пачалася вайна. Дзяўчынка вярнулася дадому, у родную Жавань.
Перажылі акупацыю, голад, холад, страты блізкіх. У 1943г Ефрасіння Антонаўна апынулася ў складзе працоўнай калоны, якую акупанты стварылі для выканання розных работ пры фронце, імі прыкрываліся як жывым шчытом пры абстрэлах.
У 1944г разам з адступаючымі фашысцкімі войскамі калона рухалася на захад.
Вярнулася дамой Ефрасіння Антонаўна вясной 1945 года. Бацькі хварэюць на тыф. Трынаццацігадовая сястра даглядае іх. Жывуць ў чужой хаце.
Надо было пачынаць жыцце спачатку. З тапаром, пілой сваімі рукамі пабудавала хату, склала печ.
Ефрасіння Антонаўна з тых людзей, аб якіх гавораць “на ўсе рукі майстар”. За што б не ўзялася – усе ў яе атрымліваецца, пры тым – вельмі якасна. Чалавек яна актыўны, нястомны, з вялікім пачуццём гумару. Часта расказвае пра сваё нялёгкае жыццё, перадае ўнукам, праўнукам свае жыццевыя навыкі. У вольны час з задавальненнем пляце лапці, напяваючы любімые песні, дэкламуючы вершы, якія помніць яшчэ са школьных гадоў.
Лапці, зробленыя ей, экспанаваліся на розных выставах.
З’яўляецца носьбітам тэхналогіі пляцення лапцей Дрыбінскага раёна.