XIII рэгіянальны конкурс «Са стагоддзя ў стагоддзе» сабраў у Нарках 15 калектываў

13 ліпеня 2026 года ў вёсцы Наркі Чэрыкаўскага раёна адбыўся XIII рэгіянальны конкурс фальклорных і народных ансамбляў «Са стагоддзя ў стагоддзе». Свята, прымеркаванае да дня Святых Пятра і Паўла, сабрала на Чэрыкаўшчыне каля двух дзясяткаў творчых калектываў з розных куткоў Магілёўшчыны.


У конкурснай праграме прынялі ўдзел 15 ансамбляў з Быхаўскага, Чавускага, Магілёўскага, Клімавіцкага, Краснапольскага, Крычаўскага і Чэрыкаўскага раёнаў. Свае выступленні прадставілі як вядомыя народныя калектывы, так і маладыя фальклорныя гурты.
Перад пачаткам конкурсу ўсе ўдзельнікі і госці прайшлі праз традыцыйны абрад – завязванне каляровых стужак на купальскае кола. Кіраўнікі калектываў шэптам загадвалі жаданні, укладаючы ў кожны вузел надзеі на творчыя поспехі, моцнае сяброўства і дабрабыт. Затым усе разам сталі ў вялікі карагод – сімвал адзінства, які здаўна аб’ядноўваў людзей на святочных гульнях.


Конкурсная частка праходзіла ў дзвюх намінацыях. У намінацыі «Ансамблі народнай песні» журы вызначыла наступных пераможцаў: І месца – Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай музыкі і песні «Світанок» (Магілёўскі раён); ІІ месца – народны фальклорны ансамбль «Багатуха» (Быхаўскі раён); ІІІ месца – вакальны ансамбль «Верніца» (Чэрыкаўскі раён).
У намінацыі «Фальклорныя ансамблі этнаграфічнага накірунку» месцы размеркаваліся так: І месца – народны ансамбль народнай музыкі і песні «Землякі» (Чавускі раён); ІІ месца – народны ансамбль народнай песні «Спадчына» (Краснапольскі раён); ІІІ месца – народны ансамбль народнай песні «Родныя напевы» (Чэрыкаўскі раён).


Усе пераможцы атрымалі дыпломы і каштоўныя падарункі з рук старшыні журы – Шараева Аляксвндра Мікалаевіча загадчык сектара культуры Чэрыкаўскага райвыканкама.
Не засталіся без увагі і астатнія ўдзельнікі. Кожны калектыў, які не ўвайшоў у лік прызёраў, атрымаў дыплом удзельніка рэгіянальнага конкурсу і памятны падарунак ад арганізатараў. Сімвалічныя ўзнагароды сталі выразы падзякі за захаванне народнай песні, за шчырасць і яркія выступленні, якія зрабілі свята сапраўды незабыўным.


Арганізатары адзначаюць, што конкурс «Са стагоддзя ў стагоддзе» з кожным годам набірае моц, пашырае геаграфію ўдзельнікаў і захоўвае жывую сувязь пакаленняў. Свята «Бразгун» – адна з галоўных духоўных і культурных падзей Чэрыкаўшчыны, якая пераканаўча даказвае, што народная песня жыве, пакуль гучаць галасы, а карагод – пакуль рукі трымаюцца разам.


Дзмітрый Леоненка, рэжысёр раённага Дома культуры ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Чэрыкаўскага раёна”