Харэаграфічны ансамбль “Сувенір” пацвердзіў званне!
Калектыў быў створаны ў 1997 годзе, у 2001 атрымаў найменне “народны”, а ў 2010 – пачэснае званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”.
На працягу ўсёй творчай дзейнасці харэаграфічны ансамбль “Сувенір” знаёміць гледачоў з танцавальнай культурай розных народаў, выхоўвае іх эстэтычны густ на лепшых узорах народнага харэаграфічнага мастацтва, таму і аснову рэпертуару калектыву складаюць танцы народаў свету: беларускія, рускія, украінскія, цыганскія, яўрэйскія, грэчаскія, грузінскія і інш.
У калектыве займаюцца энтузіясты харэаграфічнага мастацтва: студэнты, педагогі, кіраўнікі аматарскіх калектываў.
Ансамбль вядзе актыўную канцэртную дзейнасць, ён абавязковы ўдзельнік шматлікіх святочных мерапрыемстваў горада, вобласці і рэспублікі. Высокае выканаўчае майстэрства надало яму вядомасць і за межамі Беларусі. Кожны канцэртны нумар “Сувеніра” – гэта яркі, відовішчны, каларытны спектакль, дзе ў кожнага з удзельнікаў праяўляецца свая індывідуальнасць, што надае кожнаму танцу сваю змястоўнасць, выводзячы яго на якасна новы ўзровень успрымання.
Калектыў атрымаў шырокую папулярнасць не толькі ў вобласці і рэспубліцы, але і шырокае прызнанне за мяжой. Аб гэтым ярка сведчаць дыпломы і падзякі, шматлікія паспяховыя выступленні ансамбля на міжнародных фестывалях.
Віншуем “Сувенір” з пацверджаннем наймення і зычым далейшых творчых поспехаў!
Алёна Беланожка, вядучы рэдактар Магілўскага абласнога метадычнага Цэнтра НТ і КПР