У НАШАЙ ХАЦЕ МАЙСТРЫ ЖЫВУЦЬ

Што Краснапольшчына багата на майстроў народнай творчасці, маглі ўпэўніцца госці з Расіі і Беларусі, якія сталі ўдзельнікамі фестывалю аматарскіх тэатраў “Тэатральныя вечарыны”.
Госці маглі наведаць раённы Дом рамёстваў і пазнаёміцца з тымі рамёствамі, якія набылі на Краснапольшчыне новае жыццё, гэта – саломапляценне, якім займаецца В. В. Маскалькова, гэта мастацкая апрацоўка драўніны ва ўмелых руках С. У. Дудашэнкі, роспіс па дрэве і гліняныя цацкі-свістулькі Л. М. Кіркаўцовай, ватная цацка і тэкстыльная лялька, у якія ўлюбёныя В. В. Андрыянава і І. Кузьмянкова, лозапляценне, якім дасканала валодае А. У. Банкузаў.


Для зручнасці ў адзін з дней фестывалю майстры зрабілі выстаўку рамесных вырабаў на адкрытай пляцоўцы ў гарадскім скверы. Да іх далучыліся і ўмельцы дэкаратыўнай творчасці некаторых сельскіх устаноў культуры, на базе якіх працуюць клубныя фарміраванні па ДПМ. Гэта ўмельцы Яноўскага і Горскага СДК – Тамара Яфімчык і Людміла Васількова з уласнымі работамі і сваіх навучэнцаў.
Госці з цікаўнасцю знаёміліся з выстаўкай, гутарылі з майстрамі і набывалі сувеніры на памяць.

Валянціна Марчанка, метадыст ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”