КАБ ЗАГУЧАЛА Ў СЭРЦАХ НАНОВА ПЫСІНА СЛОВА

VII рэгіянальнае свята паэзіі “Вянок Аляксею Пысіну” адбылося 10 верасня на Краснапольшчыне. Яго арганізатарам з’яўляецца ДУК “Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Краснапольскага раёна”. Значную дапамогу ў правядзенні свята аказалі ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”, ДУА “ДШМ г. п. Краснаполле”.
У гэтым годзе свята праходзіла пад знакам 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і 105-годдзя з дня нараджэння А. В. Пысіна, знакамітага паэта-земляка.

ПАЭТ САПРАЎДНЫ – ЁН ЗАЎСЁДЫ З НАМІ.
І МЫ ПЛЯЦЁМ З УДЗЯЧНАСЦЮ ВЯНКІ
На свяце падводзіліся вынікі песенна-паэтычнага конкурсу “З любоўю да роднай зямлі”, які меў шмат намінацый. У конкурсе прынялі ўдзел 39 паэтаў-аматараў з Краснапольскага, Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага, Касцюковіцкага, Клімавіцкага, Горацкага, Дрыбінскага, Мсціслаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці, а таксама аўтары музыкі. Усе разам яны “спляталі вянок” Аляксею Пысіну сваёй творчасцю.
Актыўны ўдзел у конкурсе прыняў народны аматарскі літаратурны калектыў “Світанак” (кіраўнік В. А. Марчанка) Краснапольскага РЦК.

Валянціна Марчанка прыняла ўдзел у розных намінацыях конкурсу і была адзначана дыпломамі: 1 месца ў намінацыі “Вянок А. Пысіну” за верш “Пляцём з удзячнасцю вянкі”; 1 месца ў намінацыі “Пысін – народны душою паэт” за тэкст да песні “Пысіна слова” (да месца сказаць, што музыку да гэтай песні напісала і бліскуча выканала К. Фралянкова); 2 месца ў намінацыі “Вайна. Перамога. Памяць” за тэкст да песні “Надзея”; 2 месца ў намінацыі “Вольная тэма” за верш “Запоздалое возвращение” і 2 месца за тэкст да песні “Васілёчкі” (гэту песню, напісаную ў народнай манеры, выканаў дуэт ДШМ А. Бартлевіч і Г. Кузняцова пад акампанемент Р. Астапенкі, а музыку да песні напісала Т. Астапенка); 3 месца ў намінацыі “Паклонімся вялікім тым гадам” за верш “Поле”.

Сяргей Сыранкоў і Галіна Каваленка, члены калектыву “Світанак”, таксама ўвайшлі ў састаў пераможцаў конкурсу. С. Сыранкоў заняў 3 месца ў намінацыі “Вольная тэма” за верш “За речкою дальней”, а Г. Каваленка – 2 месца ў намінацыі “Вянок А. Пясіну”.
Наведвальнікі мерапрыемства мелі магчымасць пазнаёміцца з творчай і сацыяльна-культурнай дзейнасцю калектыва “Світанак”. Ім была прадстаўлена выстаўка кніг і выдавецкай прадукцыі “Паэтычнымі радкамі аб родным краі”.

Пры падвядзенні вынікаў конкурсу пераможцы мелі магчымасць прачытаць свае вершы і пачуць песні, напісаныя на іх словы.
Конкурс і свята далі магчымасць сустрэцца творцам, людзям натхнёным і адкрытым свету, пазнаёміцца і абмяняцца творчасцю, думкамі і марамі.
НЯМА МЯЖЫ ДАСКАНАЛАСЦІ
Праграма свята прадастаўляла магчымасць наведаць майстар-клас А. У. Кісель, кандыдата філалагічных навук, члена ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Прысутныя маглі атрымаць кваліфікаваныя парады гэтага майстра слова аб стварэнні якаснай паэзіі, арыгінальных, яскравых, цікавых, незвычайных твораў. Як не стаць графаманам, як пасябраваць з рыфмай і рытмам, сродкамі выразнасці, як пазбегнуць непамерных амбіцый і адсутнасці развіцця – пра ўсё гэта можна было параіцца і пачуць думкі Алёны Ўладзіміраўны.

На свяце можна было сустрэцца і з іншымі членамі ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” – паэтамі з Касцюковіцкага і Быхаўскага раёнаў.
Адным словам, на свяце было чым захапляцца, было чаму вучыцца і пра што задумацца, чаму радавацца.
Праз такія мерапрыемствы прыходзіць упэўненасць, што “і праз стагоддзі рознымі шляхамі да Пысіна збяруцца землякі”.

Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”